У адным са сталічных тэатраў спектаклі пачынаюцца з незвычайнай прадмовы дырэктара. Ён настойліва просіць гледачоў выключыць мабільныя тэлефоны і папярэджвае, што ў зале працуе сістэма падаўлення тэлефонных сігналаў, якая можа нават пашкодзіць нявыключаныя тэлефоны. Мы пацікавіліся ў дырэктара, што гэта за сістэма.
— Насамрэч, ніякай сістэмы ў нас няма, — прызнаўся ён, — але тэатр разглядае магчымасць набыцця блакіратара мабільнай сувязі. Мы ўжо не ведаем, як прасіць гледачоў выключаць мабільнікі. Тэлефонныя званкі перашкаджаюць і акцёрам, і самім наведвальнікам.
У гэтым мы змаглі пераканацца самі. Падчас паказу, нягледзячы на грознае папярэджанне, у бабулі, якая сядзела побач, двойчы званіў тэлефон. Першы раз жанчына рабіла выгляд, што тэлефануюць не ёй, а ў другі… проста пачала размаўляць!
Між тым вядома, што некаторыя тэатры ў Расіі ўжо выкарыстоўваюць тэлефонныя глушылкі. Да іх дапамогі звяртаюцца і некаторыя расійскія ВНУ, каб абітурыенты не маглі выкарыстоўваць мабільнікі ў якасці сродку інфармацыі.
— Мы гэтую праблему вырашылі па-свойму — яшчэ на ўваходзе забіраем у абітурыентаў тэлефоны, — распавяла нам загадчыца прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Галіна Смірнова. — Калі нехта не здае апарат і мы знаходзім, іспыты для яго заканчваюцца.
А вось у самым вялікім сталічным кінатэатры не супраць таго, каб мець уласную сістэму падаўлення мабільнай сувязі.
— Калі б нам яе ўстанавілі, гэта было б добра, — лічыць намеснік дырэктара кінатэатра Кастрычнік Канстанцін Хацько. — Перад кожным сеансам просім гледачоў выключыць мабільнікі, але хто нас слухае? Наша зала ўмяшчае 1340 чалавек, можаце ўявіць, што будзе, калі ў кожнага зазвоніць тэлефон…
Як можна ўстанавіць тэлефонную глушылку, калі гэта так неабходна? З такім пытаннем мы звярнуліся ў кампанію Белцім, якая ў Беларусі лічыцца адным з лідэраў у галіне бяспекі.
— Мы ўжо больш за год не займаемся блакіратарамі, бо не маем права завозіць іх у краіну без сертыфікацыі, — патлумачылі нам у аддзеле сродкаў абароны інфармацыі. — Сертыфікат выдае Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі, але робіць гэта на падставе рашэння Дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах пры Савеце Бяспекі, куды трэба звяртацца па дазвол на выкарыстанне такой апаратуры.
У кампаніі зазначылі, што попыт на такія паслугі існуе. Часцей за ўсё звяртаюцца прадстаўнікі розных камерцыйных структур і кампаній. Так, некаторым кіраўнікам перашкаджае, што іх супрацоўнікі не выключаюць мабільнікі падчас пасяджэнняў і дзелавых перамоваў.
— А вось да нас ні культурныя, ні камерцыйныя арганізацыі наконт выкарыстоўвання тэлефонных блакіратараў не звярталіся, — паведаміў сакратар Дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах Дзмітрый Корзун. — Так, мы разумеем праблему тэатра і гатовы яе разглядзець, калі паступіць адпаведны зварот. Неабходна разумець, што бескантрольнае выкарыстанне блакіратараў можа стварыць перашкоды для станцый сотавай сувязі, адмоўна адбіцца на якасці паслуг аператараў, што прывядзе да скаргаў з боку абанентаў.
Таксама Дмітрый Мікалаевіч прапануе паглядзець на праблему яшчэ з аднаго боку:
— А калі ў тэатр прыйшоў міністр па надзвычайных сітуацыях і нешта ў краіне здарылася, ці доктар, якога тэрмінова трэба выклікаць на аперацыю? Ды і Канстытуцыя не забараняе карыстацца мабільнікам у тэатры… Блакіратар — вельмі тонкае пытанне. Мне здаецца, трэба больш уздзейнічаць на культуру людзей…
Неабходна заўважыць, што ў Расіі тэлефонныя глушылкі прадаюцца без усякіх абмежаванняў. Крыху больш чым за тысячу долараў, там можна набыць блакіратар, які будзе падаўляць тэлефонныя сігналы ў радыусе сарака метраў. Трапляюць яны з суседняй краіны і да нас. Зрэдку. Праўда, незаконнае выкарыстанне такой апаратуры ў Беларусі адсочваецца Дзяржаўнай інспекцыяй па электрасувязі.
— Такія выпадкі ўжо былі, — расказаў нам загадчык інспекцыі Сяргей Багданаў. — Аднойчы сталі паступаць скаргі ад абанентаў на якасць сувязі, скардзіліся і аператары — у іх былі перашкоды на базавых станцыях. Пачалі разбірацца і вось што высветлілі. Каля жылога квартала знаходзіцца турма. Яе адміністрацыя, каб перашкодзіць зняволеным карыстацца мабільнікамі, усталявала магутны блакіратар. Прыйшлося яго адключаць…
Алег ГАРУНОВІЧ, Народная газета
Вы должны авторизоваться чтобы опубликовать комментарий.