Хатнія сеткі трапяць “пад дах” буйных правайдараў?

Як даведалася Еўрарадыё, у буйных правайдэраў атрымліваецца немагчымае. Яны без асаблівых цяжкасцяў легалізуюць хатнія сеткі, што пакуль не здолеў зрабіць ніводзін просты адміністратар сетак. Незалежнымі застануцца, хутчэй за ўсё, толькі дробныя сеткі.

Пакуль ЖЭСы палююць на сеткі, адміны спрабуюць легалізавацца. Ні ў каго са звычайных людзей зарэгістраваць хатнюю сетку яшчэ не атрымалася. Адміністратар, які спрабаваў гэта зрабіць, кажа, што на ўзаконьванне спатрэбіцца не менш за паўгода часу і безліч папераў:

Валодзя: Трэба атрымаць дазвол райвыканкаму, што не так лёгка. Але спачатку трэба яшчэ атрымаць дазвол Мінсувязі. Дзеля чаго трэба сабраць кіпу дакументаў — тапалогія сеткі, архітэктура сеткі, сертыфікаванае абсталяванне, драты…

Там патрабуюць, каб сеткі абслугоўвалі як мінімум два ці тры супрацоўнікі (а гэта ўжо фірма) — з разліку адзін чалавек на трыццаць камп'ютараў. У людзей мусіць быць тэхнічная ці проста вышэйшая адукацыя. Яшчэ трэба пацверджанне сертыфіката ад Мінсувязі…

Карыстальнік сеткі на Паўднёвым Захадзе распавядае, што іх сетка прыбытку не прыносіць, бо існуе дзеля таннага Інтэрнэту:

У нас ніякай абаненцкай платы ў сетцы няма і адмінаў няма. Сетка стваралася на добраахвотных пачатках, і на гэтым грошай ніхто не зарабляе. Калі нешта здарылася, узнаўляюць тыя, хто застаўся без Інтэрнэту. Калі трэба нешта набыць — набываем.

Драты менавіта гэтай сеткі яшчэ ніхто не рэзаў, але карыстальнікі ўжо разглядаюць варыянт падлучэння да Сола.

Канкрэтна нас гэта яшчэ не кранула. Але калі кране, думаю, будзем супрацоўнічаць з нейкім правайдэрам. Цяпер на рынку гэтым займаецца Сола. Але я чуў, што ў бліжэйшы час гэтым пачнуць займацца і іншыя — легалізоўваць сеткі, праводзіць іх наноў. І, канешне, ужо браць абаненцкую плату. Але Інтэрнэт Сола можна выкарыстоўваць і на індывідуальным падлучэнні. У нас жа зараз галоўны плюс — гэта танны Інтэрнэт.

Еўрарадыё патэлефанавала ў кампанію Сола і даведалася, што сапраўды ўсё афіцыйна:
— Мы будуем легальныя сеткі. Чалавек заключае з намі кантракт, і усё афіцыйна.
— То бок вы забяспечваеце ліцэнзіі, праектнае рашэнне і ўсё гэта…
— Так. Мы будуем сетку, пракладаем яе, усталёўваем абсталяванне і гэтак далей. І ўсё ўзгоднена з вышэйшымі арганізацыямі: пачынаючы ад ЖЭСу і заканчваючы Мінгарвыканкамам.
— Калі сетка ўжо існуе, то, падлучыўшы яе да вас, яе можна легалізаваць?
— Калі сетка існуе, то ёсць шмат варыянтаў яе легалізацыі. Калі адміністратар гэтай нелегальнай сеткі гатовы аддаць нам яе, то мы будзем глядзець, як яна пракладзеная. Калі ўсё добра, мы можам пакінуць максімум 30% сеткі. Астатняе перакладаем самі: перакладаем драты, пераўсталёўваем абсталяванне і г.д.
— І вам трэба плаціць за гэтае перакладанне, так?
— Калі мы зацікаўленыя ў гэтай сетцы, там вялікая колькасць карыстальнікаў, якія гатовыя да нас падлучыцца, то мы пракладзем яе бясплатна. Але падлучэнне карыстальнікаў будзе, канечне, платнае.
— А якія ў вас расцэнкі?
— 112 тысяч — падлучэнне да легальнай сеткі, 10 тысяч на месяц — абаненцкая плата.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што Сола бярэцца толькі за вялікія сеткі, дзе шмат карыстальнікаў. Магчыма, малыя лакалкі так і застануцца без увагі і будуць бясплатнымі. Буйным жа прыйдзецца ці гуляць у хованкі, ці здавацца правайдэрам.

Кацярына Буланава, Еўрапейскае радыё для Беларусi  

Новости по теме:
16.02.2008 Минским незаконным локальным сетям предоставят шанс ликвидировать себя добровольно
12.02.2008 Домашние сети: политика сотрудничества, а не поглощения
31.01.2008 Конкуренция на телекоммуникационном рынке Беларуси обостряется
29.01.2008 Кому мешают домашние сети? — комментарии экспертов
25.01.2008 Сети во мраке
24.01.2008 Минские домашние сети начнут ликвидировать летом
05.01.2008 Власти берут под контроль локальные сети

 

 

Редакция
Оцените автора
BYBANNER.COM