Рэгуляваць інтэрнэт-СМІ будзе не закон, а ўказ?

Еўрарадыё здабыла праект указа прэзідэнта аб рэгістрацыі ў інтэрнэце СМІ. Пакуль ён існуе на трох аркушах паперы і значна больш расплывісты, чым тая непрынятая частка Закону аб СМІ, якая тычылася інтэрнэту.

Чыноўнік, які пажадаў застацца невядомым, зачытаў Еўрарадыё праект указа. У гэтым дакуменце ўводзіцца паняцце сеціўныя сродкі масавай інфармацыі. Іх мусяць рэгістраваць, пасля чаго яны падпадаюць пад агульны Закон аб СМІ. Але пра тое, па якім прынцыпе іх рэгістраваць і пра адказнасць у праекце нічога няма.

— Сродкі масавай інфармацыі, якія рэгулярна займаюцца зборам, захоўваннем, апрацоўкай і распаўсюдам праз глабальныя і іншыя інфармацыйныя сеткі паведамленняў і матэрыялаў, рэдакцыі якіх маюць статус вытворцы і распаўсюдніка, падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку. У якасці рэдакцыі сеціўнага сродку масавай інфармацыі можа выступаць юрыдычная асоба, якая здзяйсняе стварэнне СМІ і размяшчае яго ў сетках.

— Рэгістравацца СМІ будуць па заяўным прынцыпе ці па дазвольным? І наколькі гэта абавязкова?

— Ні пра абавязковы парадак, ні пра неабавязковы нічога не напісана тут. Проста напісана падлягаюць рэгістрацыі, а ў якім парадку — не ўказваецца.

— Там ідзе гаворка толькі пра зону бай ці пра ўсё?

— Там няма нічога такога.

— Ці прапісаная там адказнасць за тое, што СМІ не зарэгістраваўся?

— Нічога такога няма тут. Дакумент вельмі сыры і рамачны. Хутчэй за ўсё, урэшце яго моцна перапрацуюць. Зараз тут тры аркушы толькі.

Каб зарэгістраваць сеціўны СМІ, патрэбна будзе стварыць юрыдычную асобу, напісаць заяву і прынесці стандартны набор устаноўчых дакументаў. Рэгістраваць не трэба сайты дзяржаўных устаноў.

Рэгістрацыя не патрабуецца для сродкаў масавай інфармацыі, якія з'яўляюцца аналагамі друкаваных СМІ; інфармацыйных паведамленняў, матэрыялаў аб фізічных асобах, якія самастойна размяшчаюць іх у глабальнай сетцы.

Распрацоўвала дакумент Міністэрства інфармацыі, унізе прозвішча — Хрысціч. Аднак у Міністэрстве прыкідваюцца, што нічога не ведаюць. Хрысціч гаварыць адмаўляецца, а яго начальнік Аляксандр Карачун кажа, што не ведае нават, ці будзе гэта ўказ прэзідэнта — сёння ўказ, а заўтра…

Аляксандр Карачун: Ніхто не можа сказаць, ці будзе гэта ўказ ці яшчэ нейкі дакумент. Ніхто не ведае, у што гэта выльецца і як выкажуцца ў гэтым плане ўсе зацікаўленыя. Не ведаю, у які дакумент гэта выльецца, і ці будзе гэты дакумент…

Розныя дакументы ўзгадняюцца па-рознаму. Калі гэта закон, то ёсць першае і другое чытанні, і працэдур і зацверджанняў там значна больш, чым ва ўказе.

Чыноўнік, які распавёў Еўрарадыё пра ўказ, зазначыў, што такі расплывісты праект можа доўга боўтацца, калі яго не будуць лабіраваць.

Ён жа спачатку ўзгадняецца з рэспубліканскімі органамі, распрацоўшчык уносіць у Саўмін, Саўмін — у Адміністрацыю прэзідэнта, яна разглядае і, калі ўсё нармальна, зацвярджае. Калі не — вяртае ў Саўмін, той назад у дзяржаўны орган кіравання, які прадставіў, і ўсё па новай. Карацей, гэта доўгая вельмі працэдура, і калі няма канкрэтнага нейкага лабіравання, то можа боўтацца доўга такі дакумент.

Еўрарадыё задалося пытаннем, чаму СМІ ў інтэрнэце збіраюцца рэгістраваць менавіта ўказам. Згодна з логікай, гэта мусіць быць прапісана ў Законе аб СМІ. Кіраўнік праекта e-belarus.org Міхаіл Дарашкевіч выказаў думку, што гэта звязана з тым, што ўлады спяшаюцца.

Міхаіл Дарашкевіч: Калі гэта закон, то ён мусіць стаяць у праграме законатворчай дзейнасці прынамсі на бягучы год. На 2008 год такога законапраекту няма. Значыць, у лепшым выпадку, 2009 год. Сама працэдура праходжання гэтага закону запатрабуе яшчэ як мінімум год. Атрымліваецца, што Закон аб інтэрнэце можа ўзнікнуць не раней за 2010 год. Напэўна, нейкія абмежавальныя меры хочацца прыняць ім даволі хутка. Можа, гэта звязана з суседняй палітычнай кампаніяй нейкім чынам.

Міхаіл Дарашкевіч кажа, што цалкам кантраляваць сеціўныя СМІ наўрад ці атрымаецца. Тым больш, што немагчыма кантраляваць не беларускія СМІ. Але тыя, хто падпадзе пад кантроль, напэўна, адчуюць яго на сабе.

Міхаіл Дарашкевіч: Існуе вялікая колькасць міжнародных сервісаў, дзе можна гэта рабіць, не рэгіструючыся ў Беларусі. Іх жа не будуць фільтраваць! Але гэта дазволіць накладаць абмежаванні на працу рэдакцый. То бок тыя рэдакцыі, якія будуць зарэгістраваныя і ў якіх будуць он-лайнавыя медыі, будуць пад кантролем, гэта будуць менш незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

TUT.by

Редакция
Оцените автора
BYBANNER.COM