Прадавайце беларускае

Мінулі часы інтэрнэт-буму пяцігадовай даўнасьці, калі, здавалася, байты-кілябайты самі сабой ператвараліся ў даляры. Разам з тым інтэрнэт-камэрцыя жыве й разьвіваецца. А ці спрабуе хто-небудзь зарабіць грошы ў сеціве на гандлі таварам зь беларускім тварам? Спроба ўвесьці слова «Belarus» у пошукавыя радкі найбольш вядомых віртуальных гандлёвых пляцовак дае нечаканыя вынікі.Кніжны гандаль — адна з найбольш пасьпяховых сфэр сеціва. Найбуйнейшая ў сьвеце інтэрнэт-кнігарня «Амазон» прапануе каля 300 кніжак, у назьве якіх прысутнічае слова «Беларусь». Сярод іх б’е рэкорды папулярнасьці трэцяе выданьне турыстычнага даведніка з сэрыі «Lonely Planet» («самотная плянэта»). У кнізе цаной пад 20 даляраў Расея й Беларусь аб’яднаныя разам — цынічна, затое практычна. Нашая краіна, на погляд прафэсійных вандроўнікаў з «Lonely planet», выглядае так: «Пляскаты кавалак зямлі, які разьмясьціўся на самым кароткім адрэзку шляху паміж Масквой ды польскай мяжой. Шырокія палосы гаёў, неабсяжныя парослыя лесам балоты ды драўляныя вёсачкі сярод узгоркавых зялёных ды чорных палеткаў западаюць у душу сваёй прыгажосьцю».

Другое месца ў краме трымае кніга «Беларусь» аўтарства Лі Хоган — проза, праўда, ня дужа мастацкая, фантастыка — але не зусім навуковая. Сюжэт такі: у далёкай будучыні ўся ўлада і маёмасьць сканцэнтраваная ў чэпкіх руках некалькіх багацеяў. Адзін з магнатаў Андрэй Міраненка адкрывае ў нетрах галяктыкі новую плянэту і вырашае пабудаваць на ёй «новую палепшаную Расею, якой яна была да таго, як бальшавікі яе зьнішчылі». Немаведама чаму самаабвешчаны цар вырашае назваць сваю плянэту «Беларусь». Ілюстратар кніжкі ўявіў галоўны мэгаполіс плянэты з хмарачосамі ў псэўдарасейскім стылі з купаламі-цыбулінамі на дахах. Але ў 19017 годзе гісторыя паўтараецца: міжгаляктычная рэспубліка заглыбляецца ў хаос, плянэты адна за адной пачынаюць абвяшчаць незалежнасьць ад «цэнтру». Андрэй прысягае: што б ні сталася з рэштай галяктыкі, Расея пад назвай Беларусь будзе жыць… Аднак у гэты момант, нечакана для ўсіх, на арэну барацьбы выходзяць карэнныя насельнікі плянэты, гуманоідныя інсэкты, пра якіх ніхто й не падазраваў. Яны доўга хаваліся, але цяпер кінулі выклік калянізатарам. Распачынаецца вызваленчая вайна. Такі вось антыўтапічны блякбастэр на 416 старонках.

Можна шчыра парадавацца за ЯнкуЗапрудніка: яго англамоўная кніга «Беларусь: на скрыжаваньнях гісторыі» трывала займае першыя месцы ў рэйтынгах. Цана — 25 даляраў. «Запруднік піша з нацыяналістычнага гледзішча пра краіну, якой нялёгка даецца навука нацыяналізму», — пакінуў свой водгук ананімны чытач. Няблага прадаецца таксама Запруднікаў «Беларускі гістарычны слоўнік».

Асартымэнт «Амазону» не абмяжоўваеца кнігамі. На мапы таксама заўжды ёсьць попыт — падрабязную каляровую схему беларускіх аўтамабільных дарог з плянам Менску можна набыць за 11 даляраў.

На паліцах інтэрнэт-крамы можна адшукаць таксама «Беларускі файл» («The Belarus File») — малавядомы ў Эўропе дэтэктыў, зьняты ў 1985 г. рэжысэрам Робэртам Маркавіцам. Патрыманую відэакасэту прадаюць за чатыры з паловай даляры. Дзеяньне стужкі разгортваецца ў Амэрыцы праз сорак гадоў пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Былы вязень нацысцкага лягеру вышуквае габрэяў, якія дапамагалі нацыстам, і забівае іх. На ягоны сьлед выходзіць дэтэктыў, які, як выяўляецца, сам зьвязаны зь людзьмі, што маюць дачыненьне да гэтай справы. Мяркуючы па водгуках гледачоў, фільм неблагі.

Нельга не зазірнуць на сусьветную барахолку — аўкцыён «Ebay». Там — сапраўдны зьвярынец. Квітнее гандаль банкнотамі з выявамі вавёрачак-зайчыкаў. «Вавёрачка» — паперка ў 50 капеек — ацэньваецца прыкладна ў два з паловай даляры — Нацбанку такі курс нават ня сьніўся!

Відаць, што замежныя камэрсанты добра-такі падзабыліся пра бел-чырвона-белы сьцяг ды «Пагоню». Сувэнірная спартовая вопратка з сымболікай — спрэс чырвона-зялёная. Стандартная прапанова — футболка за 15 даляраў з трайным надпісам «Belarus»: зялёны радок паміж двума чырвонымі.

Масава прадаюцца чырвона-зялёныя сьцяжкі, нярэдка — пад зьнішчальнай назвай «сьцяг новай Беларусі». Нарэшце, вось ён — бел-чырвона-белы сьцяг. Пра прадаўца вядома толькі тое, што ён жыве ў штаце Род-Айленд ды прыгандлёўвае патрыманымі кнігамі ды відэакасэтамі. Гандляр Alex_gor80 з Галівуду прадае бел-чырвона-белыя налепкі для аўто зь літарамі BY. Alex_gor80 спэцыялізуецца на продажы аўтастыкераў з розных краін і ўпарта трымаецца традыцыйных беларускіх колераў.

Асобную катэгорыю тавараў складаюць варыяцыі на тэму вырабаў МТЗ. Так, на «Ebay» можна адшукаць культавы рэклямны постэр трактара «Беларусь» 1974 году выданьня. На фота машына спраўна вырульвае з бруду пад праліўным дажджом. Рэклямны тэкст — ангельскі! Можна набыць і цацачны трактар, і трактар сапраўдны — напрыклад, той, што стаіць на фэрме ў мястэчку Мармадзюк у штаце Арканзас і каштуе дзьве з паловай (?!) тысячы даляраў.

Але самая ўнікальная прапанова — кавалачак Брагінскага мэтэарыту. «Ён важыць 7,42 грама ды варты сама менш 40 даляраў», — сьцьвярджае прадавец зь нікам Meteorite-hunter. Паводле ягоных зьвестак, месца падзеньня мэтэарыта знайшлі ў 1810 г. Пошукамі кавалачкаў касьмічнага каменя нелегальна займаюцца шукальнікі мэтэарытаў, якіх не спыняе нават тое, што Брагін знаходзіцца на радыяактыўна забруджанай тэрыторыі. Потым яны кантрабандай перасылаюць каменьчыкі за мяжу. Праўда, пачатковай цаны (1 цэнт) яшчэ ніхто не перабіў. Мо радыяцыі баяцца? А мо ня вераць у беларускасьць прапанаванага мэтэарыту? Яго прадавец жыве ў Арызоне, дзе знаходзіцца знакаміты мэтэарытны кратэр. Ці не адтуль той каменьчык?

Алесь Кудрыцкі, Наша Ніва

Редакция
Оцените автора
BYBANNER.COM

Добавить комментарий

  1. обана

    гродно хороший город

  2. guga

    и мне тоже сайт дадите?