Site icon BYBANNER.COM

Публікацыя беларускай блогершы выклiкала гіганцкі скандал у ЖЖ

Гіганцкі скандал на блогах LiveJournal.com разгарэўся вакол публікацыі Тацяны Елавой, што піша пад нікам Zmagarka.

Янa выставіла пост, што надоўга завіс у топе Яндэкс-рэйтынгу і набраў 2000 каментароў. Рэакцыя на гэты запіс з боку расійскае аўдыторыі пераўзышла ўсе межы.

Zmagarka размясціла відэа, знятае чачэнскімі партызанамі ў 1999 годзе, на пачатку Другой чачэнскай вайны.

На ім бязлітасны аператар фіксуе, як пераразаюць горла юным расійскім палонным. Відэа мела на мэце запалохаць федэральныя войскі. Гэты ролік фігураваў у Нэце і раней. Яго выкарыстоўваў у адным са сваіх фільмаў беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі. Аднак для маладога пакалення расейцаў, якія выраслі на стэрыльна-пераможных рэляцыях ТВ пуцінскага часу, відэа сталася шокам. Да таго ж, Zmagarka дала адмыслова правакацыйны загаловак: Русских солдат чеченцы режут, как свиней. Расійская аўдыторыя ўспрыняла яго як абразу.

Хоць Zmagarka суправадзіла запіс стрыманым каментаром: Крый Божа, натуральна, не ухваляю гэткага кшталту гвалтоўных дзеянняў датычна якога-кольвек чалавека, нават найлюцейшага ворага, якім ёсць імперская Расея для чачэнцаў, але дакуль акупацыйныя войскі стояць у Чачэніі, яны будуць працягвацца, — гэта не дапамагло.

Рэакцыя расейскага ЖЖ была лютай. Расейскія карыстальнікі запатрабавалі ад мадэратараў LiveJournal.com сцерці допіс. Тыя адмовіліся — ён не парушаў правілаў платформы, адно перавялі яго пад кант Для карыстальнікаў, старэйшых за 18.

Адзін з блогераў накіраваў заяву на імя Генеральнага пракурора Беларусі з заклікам прыцягнуць Тацяну Елавую да адказнасці за распальванне варожасці да расейцаў. Полковник Буданов придёт за тобой, сука! — напісаў ён у каментарах Змагарцы непасрэдна (палкоўнік расійскай арміі, які згвалціў і забіў 18-гадовую чачэнку — факт стаў вядомы, прычым аднавяскоўцам удалося сабраць доказы. Палкоўніка пасля маруднага трохгадовага працэсу засудзілі. Адваката сям'і замучанай чачэнкі застрэлілі ў Маскве ў 2009 годзе).

Прыйдзе і твая чарга, — абяцае Змагарцы іншы. Паявіцца відэа, дзе гэтай (…) будуць паволі адразаць галаву тупым нажом, — заяўляе трэці. І гэта яшчэ самае стрыманае, што абяцаюць расійскія ЖЖысты Змагарцы.

Расейскія блогеры ў адказ таксама размясцілі на блогу Змагаркі фоты забітага Масхадава, кадры масавага пахавання расстраляных партызанаў з нагамі, скручанымі дротам — вось што мы з імі зрабілі, а таксама забітых грузінскіх вайскоўцаў у Асеціі.

Адбыўся сапраўдны выбух нянавісці: маладыя і старыя, хлопцы і дзяўчаты паставіліся да Змагаркі аднолькава. Большасць допісаў не надаецца на цытаванне. Яны поўняцца казарменным матам і садызмам, роўным таму, што выяўлены на відэа. Яны адрасаваныя не толькі Змагарцы, утрымліваюць заклікі закатаць у бетон усе ўсходнееўрапейскія народы.

Капай сабе магілу, сука падкалодная! Мы цябе павесім! — піша нейкі скінхед. Раней я сустракаў бульбашоў, усе смірныя былі, а гэтая нейкі вырадак, — уступае ягоны аднадумец. Старэйшыя абяцаюць ёй лёс расійскіх журналістак, забітых ці згвалчаных за тое, што пісалі пра Чачэнію.

Найхутчэй, яе возьмуць у дзярждэп ЗША на пасаду галоўнага кансультанта па расейскім пытанні! — жартуе іншы.

Расейцы таксама размесцілі спасылку на каардынаты Елавой на сайце-супольнасці Vkontakte.ru.

Толькі асобныя расейскія каментатары асуджаюць найперш вайну ў Чачні як такую. У ёй загінула каля 12 тыс. расейскіх вайскоўцаў і да 100 тыс. чачэнцаў. Першая фаза канфлікту скончылася паразай расейскага экспедыцыйнага кантынгенту ў 1996-м. Масква сабралася з сіламі, і ў другой фазе, пры Пуціну, Чачэнія была сцёрта дашчэнту, а ў Грозным сеў прарасейскі рэжым Кадырава.

Каментароў з Беларусі, Украіны ці самой Чачні таксама вобмаль — як відна, тэма зачапіла ўнутрырасейскія раны. Беларускія каментатары пераважна не ўхваляюць кроку Змагаркі.

Садысцкае забойства, пагатоў бяззбройнага ваеннапалоннага, ды перад камерай — справа ў любым выпадку подлая і немужчынская. Гэткі нацысцка-нквдшны стыль характарызуе чачэнскіх баевікоў як не ваякаў вызваленчай арміі, а труслівых бандытаў-экстрэмістаў, — піша блогер czalex.

Іншы папулярны беларускі блогер b0rmann дапускае расісцкія выпады на адрас чачэнцаў і працягвае: Пацыфікацыя Чачэніі — адзін з кірункаў знешняе палітыкі Расеі, які не пабаюся публічна падтрымаць.

Нічога не маю супраць чачэнскай незалежнасці. Катэгарычна нязгодны з расейскай вонкавай палітыкай (дарэчы, відэаролік — гэта яе адлюстраваньне, адбітак у чачэнскім кантэксьце), але кадры забойстваў — па-за межамі ўсяго чалавечага, — гідзіцца alehmackievic.

Ёсць і беларускія дзеннікары, што наўпрост салідарызуюцца з расейцамі: Терпеть не могу (бело-)красно-белых мразей у нас в республике, — падтрымлівае сваіх расейскіх фрэндаў блогер dzichenka.

Сама Тацяна Елавая пра свой допіс не шкадуе. Я хацела стварыць рэзананс вакол Чачні як такой, — сказала яна Нашай Ніве. — Можна хадзіць у ружовых акулярах і рабіць выгляд, што праблемы не існуе. Па вялікім рахунку, усё жыццё ў сучаснай Расеі — гэта гвалт улады над народам. Шкада расейскіх хлопцаў, якіх забіваюць у Чачні. Але віной таму ёсць кіраўніцтва Расеі. Не разумець гэтага факта і нічога не рабіць з гэтым раўнасільна падтрымцы працягу падобнага роду забойстваў. Як сказала ў інтэрв'ю Эху Москвы Валерыя Навадворская, Расеі не патрэбныя ні браты і сёстры, ні сябры і калегі, але толькі рабы. Каўказ жа — гэта не тое месца, дзе яны водзяцца. У выніку — узброены канфлікт, які цягнецца не першы год.

Што Елавая думае аб прапановах многіх блогераў забараніць публікацыю актаў гвалту ў LJ? Я супраць цэнзуры. Сёння забараняем відэа, на якіх рэжуць расейскіх салдат, заўтра забараняем відэа, на якім АМАПавец збівае бабулю на Маршы нязгодных. Бо навошта — гэта можа парушыць яго прыгожы утульны свет, дзе ўсе думкі аб рэчцы і шашлыках.

Ці яна баіцца пагрозаў? Баяцца — не ў маім характары і не ў маёй біяграфіі. Дарэчы, прыйшло нямала прыватных паведамленняў ад знаёмых і незнаёмых людзей, якія прапануюць дапамогу ў выпадку небяспекі. Што больш за ўсё радуе: большая палова з іх — менавіта расейцы. Што прымушае верыць у тое, што шлях Расеі да дэмакратыі не з'яўляецца казкаю.

А што пра ўсё гэта думае мама Тацяны? Мама не чытае ЖЖ, але маю пазіцыю наконт Расеі цалкам падзяляе. Каму, як не беларусам, ведаць аб гэтым.

nn.by

Exit mobile version